ТОП просматриваемых книг сайта:
Эксгумацыя. Виктор Правдин
Читать онлайн.Название Эксгумацыя
Год выпуска 1997
isbn
Автор произведения Виктор Правдин
Издательство ЛитРес: Самиздат
Пасля iмпэтнага маналога пракурор колькi часу маўчаў, вiдавочна, чакаючы ад Смаляка апраўданняў, але следчы быў упэўнены ў сваёй праваце i не лiчыў патрэбным даказваць ужо даказанае. Першы парушыў маўчанне Кучкун:
– Гэтая скарга сама па сабе нiчога не значыць, але ў мяне ўжо тры разы цікавіліся, як iдзе расследаванне.
Смаляк адарваўся ад папер i зацiкаўлена паглядзеў на пракурора. Кучкун шматзначна тыцнуў пальцам угору.
– I не толькi з гарадской пракуратуры, – стомлена зазначыў ён. – А справа звычайная, выедзенага яйка не вартая. Родзiчы нябожчыка ўчапiлiся ў спадчыну i не могуць падзялiць. Магла б i мiлiцыя разабрацца… – пракурор цяжка ўздыхнуў i, унiкаючы глядзець Смаляку ў вочы, дадаў: – З табой згодзен, пастанова вынесена правiльна, але трэба дапрацаваць. Гэта загад.
Смаляк зразумеў, што размова скончана, узяў са стала папку са справай Альховiка i, так, не сказаўшы нiводнага слова падчас размовы, пакiнуў кабiнет начальнiка.
2
Смаляк у дэталях памятаў першую сустрэчу з Вярбiцкай, якая пакiнула аб сабе прыемнае ўражанне. Цiхмяная, добра складзеная брунетка трыццацi пяцi гадоў, шчыра, iншы раз нават наiўна адказвала на пытаннi следчага, а калi прыгадвала Альховiка, прыкладвала насоўку да вiльготных вачэй i паспешлiва жагналася на пусты кут, жадаючы памерламу царства нябеснага. Жыла яна са старымi бацькамi i двума сынамi-пагодкамi, трынаццацi i дванаццацi гадоў, у невялiкай двухпакаёвай кватэры-хрушчоўцы. Дзяцей гадавала адна i зразумела было, чаго яна бралася за ўсялякую работу. У душы Смаляк быў задаволены i ўхваляў нябожчыка Альховiка за тое, што змянiў завяшчанне на карысць Вярбiцкай i яе дзяцей.
А другой гадзiне Смаляк выйшаў з метро i няспешна падаўся па вулiцы Валгаградскай у прыватны сектар, уяўляючы, як заўтра паедзе з сынам i жонкай на возера. Можна было праехаць некалькi прыпынкаў, але парыцца ў душным, прагорклым аўтобусе не было анiякага жадання, i ён пашыбаваў па шматлiкiх пыльных вулачках прыватнага сектара. Праз трыццаць хвiлiн скiнуў клямку на скасавураных, абшарпаных веснiчках, калiсьцi пафарбаваных у зялёны колер, i трапіў у панадворак. Адразу кiнулася ў вочы, што тут нiхто не жыве. Тры вакны сумна глядзелi на вулiцу зачыненымi аканіцамі, а чацвёртае, кутняе, ды невялiчкiя вакенцы на верандзе былi крыж-накрыж забiты негабляванымi дошкамi.