Скачать книгу

але малодшыя курсы зналі яе як дэспатычную цётку. І цяпер яна аказалася для Мацвея тым веснікам, што прыносіць дурныя весткі. Мацвея не ўразіла навіна – у галаве ўсяго толькі як шчоўкнуў тумблер: функцыя павінна ахопліваць абсалютна ўсе бакі жыцця, значыць, універсітэт і інтэрнат – тыя ж пераменныя. Матэматыка простая…

      Ён адно кіўнуў і рушыў прама на непрапарцыянальна складзенае жаночае цела. Камендант адступіла.

      Праз гадзіну ён выйшаў з інтэрната. Пад’ехаў тралейбус, расхінуліся дзверы, Мацвей памкнуўся было зайсці і мусіў спыніцца, бы наткнуўся на нябачную сцяну жудасці – апынуцца там, у цеснаце сярод людзей, падалося яму невыносным. Ён выдыхнуў паветра, праглынуў сліну, якой неспадзявана забіла рот. Пешкі было ісці хвілін сорак, але ён не стаў чакаць другога тралейбуса, каб яшчэ раз спраўдзіць сваю раптоўную (канечне ж, пасля камеры) клаўстрафобію.

      Цікава, думаў ён, ідучы шэрым тратуарам, ці рэальна было б у той вялікай функцыі, якая адлюстроўвае дзейнасць дзяржавы, пралічыць усе магчымыя пераменныя і канстанты, выявіць іх праз лічбы і ўрэшце пабудаваць графік? Які ён атрымаецца?

      З улікам тых ведаў, якія ён атрымаў у “турэмным лікбезе”, гэта не можа быць прамая ці простая крывая, якая мае пэўную скіраванасць да нейкай кропкі. Гэта хутчэй круг ці эліпс… Але ж, паводле таго, як сціскаюцца межы свабоды, як узмацняецца роля сілавых і карных органаў, як мацнее наменклатура, атрымаецца… спіраль. І спіраль, якая не раскручваецца, дэманструючы пашырэнне магчымасці грамадзянскай супольнасці, а тая, якая закручваецца. Спіраль, у аснове якой не круг, але пялёстак. Кожны віток спіралі змяншае пялёстак у шырокай яго частцы. Усё так, функцыя будзе імкнуцца да цэнтру, да кропкі, дзе яна… знікне. Непазбежна для любой аўтарытарнай сістэмы – для кожнага наступнага кроку свайго існавання ёй неабходна яшчэ ўлады і яшчэ кантролю.

      Зайшоў у прыёмную рэктара. Яго і тут быццам чакалі, таму што адразу ж сакратарка, пекная жанчына, ўзяла патрэбны лісток і падазвала яго:

      – Азнаёмцеся з загадам, калі ласка… У канцылярыі возьмеце абхадны лісток… там патлумачаць.

      Мацвей распісаўся, ціха падзякаваў. У дзвярах сутыкнуўся з рэктарам, Вітольдам Сямёнавічам Прыходзькам. І той разгубіўся на нейкі момант, ажно рука тарганулася наперад – заўжды ж віталіся пры сустрэчы, але рэктар авалодаў сабой – адступіў крок назад, даючы Мацвею выйсці з прыёмнай, і спыніў пытаннем:

      – Ты зразумеў, за што цябе адлічылі? Ты прадэманстраваў сваю нелаяльнасць да дзяржаўных органаў, да самой дзяржавы. Вучоны абавязаны быць найперш дзяржаўнікам, – павучальна-напышліва прамовіў рэктар, адно не хапіла задзёртага ўгару указальнага пальца.

      І раптоўна вырваліся словы, якія і не былі раней думкай, самі сабой склаліся, як імгненная рэакцыя на няправільную пасылку ў формуле:

      – Калі вучоны – дзяржаўнік, тады з яго вырастае не Вавілаў, а Лысянкоў… – прамовіў Мацвей, павярнуўся, не развітваючыся і пайшоў прэч, не стаў глядзець, як змяніўся

Скачать книгу