Скачать книгу

праведна, таму што кожны рэжым патрабуе слугаваць яму, маніпулюе людзьмі, прымушае пераступаць цераз свае прынцыпы дзеля агульнай далёка не гуманнай мэты. Разумныя людзі стараюцца трымацца як мага далей ад гэтых віроў, а мяне ўцягнула ў самы эпіцэнтр падзей, закружыла, перапляло асабістае з грамадскім і дзяржаўным. Нервы не вытрымалі такога напружання. Я была далёка не гераіня, а толькі слабая жанчына, якой хацелася абапірацца на надзейнае мужчынскае плячо, кахаць, гадаваць дзяцей. Пазней, чытаючы пра розных рэвалюцыянерак, даведалася, што яны заўсёды адмаўляліся ад асабістага жыцця на карысць ідэй. Калі ж у іх нараджаліся дзеці, дык яны аддавалі іх у прытулкі. Я не адважылася нават нарадзіць дзіця. Цяпер няма роднай душы побач. Не, не трэба пра гэта. Зрэшты, ёсць жа ў мяне сястра і пляменнікі. Дзеля маёй кватэры, якая ім застанецца ў спадчыну, можа, дагледзяць мяне, калі зусім занядужаю, і правядуць у апошні шлях…»

      Зазваніў тэлефон. Жанчына падняла трубку і пачула голас сястры:

      – Як ты там маешся?

      – Памаленьку. Якраз цябе згадвала.

      – Слухай, тут у газеце так пра цябе напісалі, што і гераіня, і пакутніца.

      – Ці добра хоць напісана?

      – Добра, аж занадта. Але чаму ты толькі пра сябе расказваеш? Я ж з табою разам лістоўкі раскідвала, спісы здраднікаў рыхтавала, эшалоны лічыла, данос на Збышака адправіла па пошце.

      – Прабач, Надзя, у кароткім артыкуле ўсё не раскажаш і не распішаш.

      – Не, ты гэта робіш знарок, каб прынізіць мяне. У цябе ж нікога няма. Перад кім табе красавацца? А ў мяне – дзеці і ўнукі. Ты ж сабе ўсе медалі пабрабала, а мне – нічога! Я нават не лічуся партызанкаю! А ты пабыла ў лесе два месяцы перад вызваленнем – і ўжо гераіня на ўсё астатняе жыццё.

      – Ахвота табе згадваць леташні снег? – з дакукаю спытала Клаўдзія Міхайлаўна.

      – Каб ты ведала, колькі мы страху натрываліся з-за цябе. Таму мама так рана памерла. Колькі яна нервавалася і плакала, калі ты сыходзіла на некалькі дзён да партызанаў! Мяне з-за цябе маглі вывезці ў Германію!

      – Не маглі, я заплаціла солтысу.

      – Нас жа маглі ўсіх расстраляць з-за таго, што ты пайшла ў партызаны! Тады ж паліцай Сцяпан Дзяркач прыходзіў і пытаўся, дзе ты? Добра, што Аляксей Здзітаўскі выручыў, сказаў, што ты з ім жывеш.

      – Дзіўна, я і не ведала, што Аляксей мог такое сказаць. Навошта яму гэта? Мы ж проста сябравалі.

      – Кахаў ён цябе.

      – Вярзеш абы-што. Я пасля вызвалення яго толькі разы два бачыла. Куды ён падзеўся?

      – Ён жа схаваўся ад мабілізацыі ў лес. Яго застрэлілі недзе, здаецца, у сорак дзявятым годзе, у балоце за Грушаўкай. Нават не пахавалі. Багна яго паглынула. Пасля, як у сямідзясятых рабілі меліярацыю, дык расказвалі, што адкапалі нейкія косці, але куды іх пасля падзелі, я не ведаю.

      – Госпадзі, якая жахлівая смерць. Між іншым, ён ніколі не казаў мне пра каханне.

      – Што ён мог табе сказаць, калі ўвесь раён ведаў, што ты гуляла спярша з Кедравым, потым – з Сіроціным?

      – Не расказвай мне пра вашы калгасныя плёткі. З Кедравым у мяне нічога не было!

Скачать книгу