ТОП просматриваемых книг сайта:
Пакутны век. Трылогія. Васіль Якавенка
Читать онлайн.Название Пакутны век. Трылогія
Год выпуска 2009
isbn 978-985-6010-30-2
Автор произведения Васіль Якавенка
Жанр Современная зарубежная литература
Издательство Электронная книгарня
На самай мяжы, каля невялікага гаю, які прытуліў іх на дзень, яны пасунуліся наперад крадком, бы здані. Тым не менш, калі ім ужо свяцілі прастора і воля, перад імі вырас памежнік са зброяй:
– Стаяць! Рукі ўгору!
Дапытвалі мотальцаў моцна і ніякім іхнім роспаведзям, тлумачэнням наконт уціску паноў і цяжкога жыцця ў Польшчы не давалі веры. Іх утрымлівалі спачатку ў мінскай турме, а потым выслалі на Урал, у горад Перм, дзе, жывучы ў лагеры і галадаючы, яны будавалі баракі для сем’яў рабочых. Дзень пры дні. Два гады…
Ладзя, апавядаючы пра перажытае ў экзатычнай савецкай краіне, так бы мовіць, камуніі,– разгарачыўся, і адчуванне той сваёй нягегласці, несамавітасці, скутасці ў доме Пісарчукоў зусім прайшло. Наадварот, цяпер хлопцу – вандроўніку паняволі – імпанавала ўвага да яго асобы. Тут госця перапыніла гаспадыня, увесь выгляд якой выяўляў дабрыню:
– Валодзька, то чаму ж ты нічога не бярэш?.. І вы, мужчыны, нешта седзіцё, як на хаўтурах! Ешце… Стане з вас гаманы!
– І сапраўды мы заслухаліся, – сказаў гаспадар. – То бяры, Ладзя, што па густу: тварог, масла, сала і – да ўсяго – мёд.
– Дзякуй, я з задавальненнем паспытаю, чым вы людзей частуеце, але найперш скажу: у Пермі і Златавусце, дзе мы потым працавалі, я нічога больш смачнага за падсмажанае лушпінне ад бyльбы не еў. Яго мы збіралі на сметніку і смажылі на грубцы-буржуйцы…
– Госпадзе прамілы! – перахрысцілася Аксіння, відаць, адчуўшы на сэрцы нядобрае. – Як жахліва, калі людзям няма чаго есці! Пятро, помніш… На Украіне людзі пухлі з голаду.
Пятро кіўнуў: пра голад ён помніць.
– Я шкадаваў, што не ведаў сакрэту прыгатавання такой ежы раней, калі быў яшчэ тут, у Моталі.
– Божа! Які грэх мы на душу бярэм! – Аксіння адчула дакор сумлення за сваё забяспечанае жыццё. – І чаму ў нас не кожны мае хлеба кавалак?
Мужыкі пакінулі без адказу яе пытанне.
– Але хацелася б увогуле ведаць пра жыццё там, – уступіў у размову Барыс. – Лагічна дапусціць, што калі ў Пермі ёсць лушпінне, то ёсць у некага і бульба… А як на волі людзі жывуць?
– Адкажу. Прадуктаў харчавання скрозь не хапае. У Савецкай Беларусі – таксама. Можа, таму, – Уладзімір вытрымаў паўзу і паглядзеў па кутках, нібыта жадаючы пераканацца, што яго ў гэтым доме ніхто, апроч Пісарчукоў, не слухае, – можа, таму, што ў сялян адабралі зямлю. Адным словам, нястача. І гэта вынік пяцігодкі калектывізацыі, калі многіх, хто меў зямлю, сеяў, прадаваў збажыну, хто ўмеў рабіць, як вы тута робіце, збэсцілі, змардавалі, назвалі кулакамі і – у Сібір! З некаторымі я сустракаўся ў лагеры, і яны рады былі той жа лушпіне… Цяпер, казалі, жыць у сялянстве няможна. Падаткі такія, што нельга выплаціць. На вёску наклалі шэсцьдзесят пудоў збожжа, апроч падатку, і яшчэ распачалі самаабкладанне