ТОП просматриваемых книг сайта:
Лявон Бушмар. Кузьма Чорны
Читать онлайн.Название Лявон Бушмар
Год выпуска 1929
isbn 978-985-02-0915-3
Автор произведения Кузьма Чорны
Жанр Литература 20 века
Серия Бібліятэка школьніка
Издательство Электронная книгарня
Ужо світаць пачало, як чалавек прыпыніўся каля густой няроўнай агароджы. Застукаў брамкаю i пхнуў яе каленам. Забрахаў сабака, заядла захроп, кінуўся пад чалавека, заскроб кіпцямі па вільготным крысе салдацкага шыняля.
– Галас, Галас, – загукаў чалавек.
Сабака адбегся i брахаў, пачаўшы павільваць хвастом.
– Галас! Не пазнаў? Ах ты дурны!..
Сабака радасна завішчаў, падбег, абняў гаспадара пярэднімі лапамі, лізнуў у твар. Чалавек усё стаяў, аж пакуль не прайшло сабачае захапленне. Тады ўзышоў на ганак, спусціў з плеч клунак. У сенцах ужо стукалі хатнія дзверы – сабака кагосьці пабудзіў сваім брэхам.
– Хто?
Голас з сянец чуваць быў малады, жаночы, прывабны, хрыплаваты ад сну. Чалавек на ганку ад гэтага голасу падняў галаву i падаўся крыху назад.
– Хто? – зноў запытала жанчына.
– Гаспадар.
– Які гаспадар?
I, здагадаўшыся, загаласіла:
– А Божачка ж мой, Лявон!
Яна з грукатам адкінула ад дзвярэй завалу, i Лявон Бушмар пачуў знаёмы пах сяней. У кухні жанчына запаліла газоўку, i тут Бушмар ацапянеў, глянуўшы на жанчыну. Яна таксама не зусім, мусіць, вольна пачувала сябе: стаяла ля печы маўкліва, спусціла ўніз рукі i не гаварыла больш ні слова. Твар яе густа ружавеў.
– Ты… тут?.. – запытаўся Бушмар.
– Служу… Як напісаў тады адразу быў, каб хоць каго маці ўзяла рабіць… Дык я нанялася…
– Нанялася?
Жанчына маўчала. Глыбокае непаразуменне прайшло па Бушмаравым твары.
– А маці дзе?
– Маці хворая… Не ўстае… Другі ўжо тыдзень.
Бушмар адчыніў дзверы ў чыстую хату. Жанчына запаліла лямпу. Маці прачнулася, пачала ад радасці плакаць, гаварыць i стагнаць.
Маладая жанчына колькі разоў выходзіла i ўваходзіла – пачыналася дзённая гаспадарская таўкатня. Бушмар не захацеў адпачываць, пасядзеў каля маці, пераапрануўся ў сваю цывільную адзежу i адразу пайшоў на сялібу. Сабака весела гайсаў следам за ім. Бушмар агледзеў непапраўленую агароджу, непадгрэбеную салому, незачыненыя вароты на прыгуменне… Выцягнуў з студні вады, паспрабаваў, ці добра ходзіць коварат.
Як i заўсёды, пануры быў выгляд яго, пахадзіўшы па двары, ён выйшаў за гумно. Там скідаўся сялібны ўзгорак глыбока ўніз, у рэчку, пад стагоднімі дубамі прэла леташняе іх лісце. Малады ельнік зубіў цёмную зеляніну за паплаўною лукою. З трох бакоў быў дубняк i ельнік. З чацвёртага – горбілася поле. Неба над светам было высокае, ціхае, веснавое.
Бушмар правёў рукою па твары, як бы знімаючы з яго штосьці чужое i непрыемнае. Вочы яго ператварыліся ў агністыя стрэлкі. Ён зняў шапку, расшпіліў жакетку. Здавалася, што ён хоча гэта пазбавіцца ўсяго лішняга, каб як мага глыбей чуць вялікую