Скачать книгу

зрабілі, а іменно – тым, што вы самавольно расхваталі ў прошлом часных коней і кароў, а такжа свае ў прошлом часныя калёсы, плугі, бароны і ўвесь іншы абагулены інвентар, вы паказалі ўсяму народу, якое ў вас яшчэ мужыцкае, некалхознае нутро. Якое думае толькі пра сваю выгаду і якому напляваць на тое, што робіцца ў перадавом нашым раёне і ў нашым окрузе, а такжа ў нашым Савецкім Саюзе, які ў даны мамент акружаны з усіх бакоў рознай буржуазіяй, якая з усіх сіл стараецца задушыць наш Савецкі Саюз, а іменно – стараецца, штоб сарваць нашу пяцілетку, нашу індустрыялізацыю і калекцівізацыю, якія наносяць ёй смярцельны ўдар!

      Дубадзел гаварыў амаль без прыпынку, усё высокім голасам – вінаваціў, заклікаў. Па тым, як ён гаварыў, адчувалася, што для яго не так важныя самі словы, думкі, якія ішлі часта без ладу, паўтараліся, – колькі тон прамовы, той запал, якім ён не даваў прытухаць ні на секунду.

      – От рэжа! Як рэпу грызе! – сказаў нехта каля Ганны, у прыцемку калідора. Яна ўлавіла ў голасе непрыхільнасць.

      – Стараецца! – адгукнуўся хтосьці іншы, хрыпаты, прастуджаны. – Прапіўся, паляцеў з сельсавета, дак цяпер са скуры лезе!

      – Начальство ж унь, побач сядзіць! Заўважыць можа!

      – Аж ахрып! І патыліца – умокла!..

      Патыліца, праўда, мокла ад поту, Дубадзел нецярпліва раз-пораз выціраў яе далоняй. І хрып, што далей, то больш: усё часцей вымушан быў прыпыняцца, пракашлівацца. Але і не думаў канчаць гаворку. Ганна не першы раз дзівілася яго настойлівасці і ўпартасці. Здзіўленне яе, як і ў тых, што смалілі цыгаркі побач у прыцемку, было не толькі без якой-небудзь спагады, а рэзка непрыхільным: за ўсім тым, што гаварыў Дубадзел, увесь час адчувала яна жывога яго, даўно ўжо і непрыемна знаёмага ёй. «Даў жа Бог сілу чалавеку і зацятасць!..» – думала яна з насмешкай, цярпліва чакаючы, калі ж ён зможацца. Водзячы вострым позіркам па тварах людзей, што сядзелі ў пакоі, яна бачыла, што многія з іх таксама амаль не слухалі і чакалі таго ж самага. Вельмі ж добра вядома была ўсім асоба гарачага прамоўцы! Ганна захацела пабачыць, як слухае Дубадзела Башлыкоў, але з калідора відна была ёй толькі спіна. Усё ж яна суцешыла сябе: «Етаго не правядзе, пэўне! Еты бачыў ужэ такіх, не інакш!..»

      2

      Гайліс пасля Дубадзела загаварыў, здалося, незвычайна спакойна, ціха. Выпрастаны, у вайсковым кіцелі, з акуратна зачасанымі назад русявымі валасамі, стаяў ён за сталом і нехапатліва, старанна вымаўляючы кожнае слова, выразна выказваючы кожную думку, разважаў:

      – Былі недахопы ў рабоце. Это – праўда. Былі. І недахопы немалыя. Вялікія… – Людзі і ў калідоры, і ў пакоях глядзелі моўчкі, пільна чакалі. Ён жа спакойна, важна клаў, нібы цагліны: – Чэсныя людзі работалі, работалі, а палучылі – мало. Дзвесце грамаў за дзень – это не палучка. Кілаграм картошкі – тожэ не палучка!..

      – Не палучка! – выдыхнуў хтосьці побач з Ганнай.

      – Правільно!

      У калідоры і ў пакоях завірыў усхваляваны, гарачы гоман. Гайліс нерухома, быццам безуважна, пастаяў, перачакаў яго.

      – Мало кармоў нарыхтовано, – павёў ён тым жа роўным, важкім

Скачать книгу