Скачать книгу

усім адразу і сесці, як сядзелі тут. А па адным ніхто не наважваецца крануцца, пакінуць свой кут, сваё кубло; гаворка не пра тых, хто едзе жыць да дзяцей: сваю хату на калёсы пагрузіць ніхто не адважваецца, усе адзін другога пільнуюцца; хто першым рушыць, чакаюць. Састарэла вёска, і мужыкі састарэлі, і смеласць іх вырадзілася ў асцярожнасць. Але ж усяму ёсць мяжа. Яшчэ год-два будуць гібець яны так, а што далей? Куды павернецца іх жытка, што будзе з Махахеямі, Роўдамі, Барздыкамі, раздзьме іх ветрам па свеце ці згуртуюцца яны зноў у грамаду і ўсё пойдзе, як і раней. I будзе галасіць над іх загонамі Галасніца, шукаць сваё дзіця, і будзе непрыкаяна блукаць па княжборскіх вуліцах Жалезны Чалавек…

      Выбар

      Прамільгнула вёска ў адну сумную, хаця і нядоўгую, вулачку, спустошаную спакоем і цішынёй, дрымотай пракавечнага, зляжалага пяску – маркотнымі сведкамі той былой і вялікай працы, што тварылася тут ці то морам, ці то ледніком. З гэтага пяску, што белымі гурбамі ляжаў уздоўж дарогі, і на самой дарозе, і каля хат без платоў – дзвярыма адразу на вуліцу, лена падняўся рабы, як карова, страшэнна худы і таму, здаецца, неахайны сабака, раздумліва і скрушліва паглядзеў на машыну, хапатліва азірнуўся на шэрыя хаты, што п'яна валюхаліся па абодва бакі дарогі, нікога не згледзеў, пазяхнуў і зноў лёг у цёплы, як прысак, пясок, ведаючы па вопыту, пэўна, ужо, што ніхто не адзначыць яго руплівасці. Хлеб, як і ўсе вясковыя сабакі, ён павінен здабываць сам, і не пустым брэхам. Худы рабы сабака і апошняя хатка адбегліся назад, і адразу ж пачалося балота, як хаткі вулачку, абціснула з абодвух бакоў дарогу чорным вокам вады, што не ведала турбот, жалезна-рудой тванню, што спачывала ў гэтай цьмянай вадзе, атрутна-яркім бабоўнікам і капытнікам, зараснікамі алешніку, а дзе-нідзе і дубам з ясенем.

      Месцам алешнік з ясенем і дубам закрывалі балота, нібыта саромеліся паказваць яго Роўду і Шахраю, не хацелі да пары да часу палохаць іх бясконцасцю і непраходнасцю дрыгвы, аддзеленыя ад асноўнага лесу вадой, ціха і безабаронна задыхаліся і чэзлі ў ліпкім паветры дрэвы на малых лапіках зямлі, што адваявалі яны ў той жа вады. Толькі з мосцікаў, якія ішлі адзін за адным, цяжка плюхаліся ў свінцовыя канавы рабыя балотныя чарапахі.

      – Нечысць, брыдота, – пазначыў і чарапах, і балота Шахрай, наглядаючы, як чарапахі нязграбна перакульваюцца ў паветры, аголенай знізу косткай, нібы голым целам, бліскаюць на сонцы. Мацвей змоўчаў, яго заўсёды бянтэжыла і прыгнятала бездапаможнасць гэтых рахманых, хаця і грозных на выгляд стварэнняў, былі яны нечым падобныя на чалавека, якога захапілі знянацку. Чарапах жа тут было шмат, і не толькі ў балоце, вадзіліся яны і ў рэчцы, Мацвей калісьці лавіў іх вудай нават на чарвяка, ледзь не плакаў, выдзіраючы такі каштоўны ў дзяцінстве кручок са змяінай, здавалася, але такой пакорлівай, такой палахлівай пашчы. Яны мёртва трымалі ў гэтай пашчы сваю здабычу, сцяўшы зубы да скрыгату, пэўна, ад нясцерпнага болю, які ўваходзіў і ў Мацвея, уцягвалі пад уратавальны панцыр адрузлую шыю, адступалі ад цяпла бязлітасных яго рук і толькі што не

Скачать книгу