ТОП просматриваемых книг сайта:
Чалавек з брыльянтавым сэрцам. Леанід Дайнека
Читать онлайн.Название Чалавек з брыльянтавым сэрцам
Год выпуска 1994
isbn 821-161-3933-12-9
Автор произведения Леанід Дайнека
Жанр Детская фантастика
Серия Кніжная паліца школьніка
Издательство Электронная книгарня
– Ён любіў мёд? – засмяяўся сын.
– Ён паважаў руплівых людзей, даваў ім магчымасць поўнасцю раскрыцца. Я, дарэчы, апошнім часам таксама думаю пра Напалеона – бачыш, нам з табой адно і тое ж стукаецца ў галаву.
Пры гэтых словах Клён паклаў сваю далонь на бацькаву.
– І мяне здзівіла, – працягваў Гай, – падабенства жыццёвага лёсу Напалеона на лёсы – ведаеш каго? – Гітлера і Сталіна.
– Дыктатары, – упэўнена сказаў сын.
– Я б не спяшаўся гаварыць такое. Прынамсі, Гітлера з яго партыяй абраў народ, абраў у час дэмакратычных выбараў. А падабенства між імі надзвычайнае, можна сказаць, ашаламляльнае. Усе трое – сыны невялікіх (маецца на ўвазе колькасць) народаў, народаў – як мякчэй сказаць? – гістарычна непрэстыжных у тыя часы. Карсіканец, аўстрыец, грузін. Усе трое прыйшлі да сваёй неабмежаванай улады, у свае метраполіі-імперыі з поўдня. І ўсе зрабіліся вялікадзяржаўцамі, шавіністамі, пачалі з пенаю на губах услаўляць Францыю, Германію, Расею, адразу забыўшы пра тое гняздо, з якога вылецелі. Што гэта? Псіхоз улады? Перараджэнне генаў? Выпадак? Заканамернасць?
Гай Дубровіч, упэўнена ведучы верталёт, услых разважаў пра няпростыя, дужа сур'ёзныя рэчы і ведаў, што сын выдатна разумее кожнае слова, кожную ўспышку ягонай думкі. Вялікая Эра Плюралізму, няспынна шліфуючы людскі інтэлект, абуджала мозг да напружанай творчай працы ў вельмі юным узросце.
Прыляцелі на Чорны Хутар. Кожны грамадзянін Індаэўрапейскай Канфедэрацыі меў уласны ўчастак зямлі, быў абавязаны мець яго. Шырока адзначаўся Дзень Антэя, калі юнакі і дзяўчаты, якім споўнілася шаснаццаць год, у прысутнасці сваіх родзічаў і сяброў станавіліся на калені і цалавалі зямлю, а потым, запаліўшы вечаровыя вогнішчы, танцавалі наўкруг іх. У адпаведнасці з гістарычнай традыцыяй такія зямельныя надзелы ў розных мясцінах называліся па-рознаму: віла, ферма, ранча… Беларусы называлі іх, вядома ж, хутарамі. Хутаранскае цяпельца, над якім кпліва насміхаліся ганарыстыя дасціпнікі мінулых стагоддзяў, шчасліва дажыло да Вялікай Эры Плюралізму.
У першую чаргу Гай з Клёнам пайшлі да Магіл Продкаў. На ўзгорку, абсаджаным ліпамі і дубкамі, стаялі тры высокія каменныя крыжы. І на кожным былі выбіты тры словы: «Помні пра нас». Каменныя сціплыя надгробкі бялеліся паміж зялёнай шаўкавістай травы. Пырхаў чырвона-чорны матылёк. Звонка шчабятала птушка.
– І нас з табой пахаваюць тут? – ціха спытаў сын.
– Тут, – ціха адказаў бацька.
Сын пільна, вельмі пільна паглядзеў на бацьку, шкадаванне і роспач мільганулі на імгненне ў чыстых сініх вачах, страх перад халодным небыццём, але ён быў мужчынам, рыхтаваўся стаць грамадзянінам Індаэўрапейскай Канфедэрацыі і ён цвёрда, як і патрэбна ў такіх выпадках, сказаў, пакланіўшыся надгробкам:
– Спіце спакойна.
А Гай раптам успомніў далёкі-далёкі восеньскі дзень, россып дажджу ў змрочным глухім лесе. Тады яны з Клёнам, яшчэ шасцігадовым, пайшлі ў грыбы і заблудзіліся.