ТОП просматриваемых книг сайта:
Пярэваратні ў пагонах і без. Сяргей Пляскач
Читать онлайн.Название Пярэваратні ў пагонах і без
Год выпуска 2016
isbn 978-985-7165-61-2
Автор произведения Сяргей Пляскач
Жанр Современная зарубежная литература
Серия Электронная кнігарня
Издательство Электронная книгарня
Ля канторы спыніўся джып старшыні калгаса. Усе жыхары вёскі нават не ведалі, як цяпер называецца іхняе аграпрадпрыемства і пасада яго кіраўніка, таму звалі ўсё па-ранейшаму: калгас, старшыня, праўленне… Хаця вёску чамусьці, ці то ўсур’ёз, ці то жартам, хутка прызвычаіліся называць аграгарадком.
Старшыня пайшоў у кантору, а ягоны вадзіцель – у краму.
– Ужо чулі навіну, бабанькі?! – замест прывітання запытаўся вадзіцель старшыні, як толькі пераступіў парог магазіна.
Па той узнёсла-ўрачыстай інтанацыі, з якой прагучала пытанне, адчувалася, што навіна цягне на сенсацыю.
– Якую?! Якую?! – наперабой запыталіся цёткі ў мужчыны, і на іх тварах адбілася нічым не прыхаваная прага інфармацыі.
– Ля моста два браты з Круглага разбіліся на машыне! Адзін загінуў на месцы, а другога ледзь жывога павезлі ў Магілёў!..
Жанчыны пачалі ўзбуджана абмяркоўваць нешараговую навіну. Нехта з іх спачуваў незнаёмым круглянцам, спрабаваў даведацца ў аднавяскоўца, які падзяліўся інфармацыяй, ці маладыя тыя браты, хтосьці адразу пачаў рабіць высновы, што самі ва ўсім вінаватыя, бо носяцца, як скажэнныя! Некалькі кабет не ўтрымаліся: паціху выслізнулі з крамы, каб найхутчэй разнесці навіну па вёсцы, быццам таму, хто яе паведаміць першым, налічваліся нейкія адмысловыя балы.
Ірка ж з цынічнасцю прафесійнага кілера зычыла таму, хто выжыў, не даехаць да Магілёва…
Увечары ў вёсцы ўжо распавядалі пра сутыкненне трох аўтамабіляў, гаварылі, што загінула ці не пяць чалавек, аднак дні праз тры зусім перасталі згадваць аварыю: ці мала іх там было? І чарговая – зусім не апошняя… Тым больш, што пасля гэтай у аграгарадок не наведваліся ні следчыя, ні ўчастковы.
Ва ўсім наваколлі адну Ірку апошняя аварыя не пакідала абыякавай: з аднаго боку, яна крыху хвалявалася, што той, хто выжыў, мог яе бачыць; але яна супакойвала сябе тым, што наўрад ці ён запомніў яе. А калі і запомніў? Ніхто не зможа даказаць, што яна нешта скрала з месца здарэння: падумала, што ўсе загінулі, спалохалася і ўцякла! І ўсё! Але свой любімы сіні швэдар Ірка ўсё ж на ўсякі выпадак запхала на самае дно шафы… З другога боку, у яе проста пачынаў ехаць дах, калі яна пры дапамозе калькулятара пераводзіла паўтары тысячы долараў у беларускія рублі. А паколькі першапачатковыя лічбы ў калькулятар Ірка ўводзіла няправільныя, ды і наогул не цяміла, што на што трэба памножыць, то і вынік пераўзыходзіў усе разумныя межы… Яна нават не ўяўляла, як называецца такая лічба, проста разумела, што гэта вельмі шмат… Нават вельмі-вельмі.
Чым менш часу заставалася да ад’езду на вучобу, тым часцей Ірка караскалася на гарышча, каб патрымаць у руках свой неспадзявана вялізны скарб, які хутка ператворыць брыдкае качаня ў прыгажуна лебедзя… Прыкладна так можна растлумачыць сутнасць Ірчыных спадзяванняў, бо казак Андэрсана яна не чытала, а мультфільмы ніколі не разумела і не глядзела. Таму ў яе выпадку няхітрыя аналогіі хутчэй знаходзіліся ў бясконцых мыльных серыялах, у неверагоднай колькасці спажытых дзяўчынкай