ТОП просматриваемых книг сайта:
Шабаны. Гісторыя аднаго знікнення. Альгерд Бахарэвiч
Читать онлайн.Название Шабаны. Гісторыя аднаго знікнення
Год выпуска 2012
isbn 978-985-6906-68-1
Автор произведения Альгерд Бахарэвiч
Жанр Современная зарубежная литература
Серия Другі фронт мастацтваў
Издательство Электронная книгарня
На шчасьце, Сіманенка быў ня схільны да галаданьня. Бязь мяса ён бы на другі дзень падох. Колькі яна ні старалася паўплываць на яго – Сіманенка жэр, абрастаў тлушчам, сьвяціўся. Яна ажно пачула, як ён рохкае ў спальні. Нечакана ёй стала шкада беднага Сіманенку, які блукаў цяпер недзе па сьвеце, ня маючы ні кавалка мяса, у адных тапках, яна ўявіла, як ён баязьліва стаіць каля нейкай перасоўнай крамкі, робячы выгляд, што прыцэньваецца, як яго, такога вялікага, схуднелага, недалёкага, адцірае злая чарга, а ён выцягвае над ёй сьветлую віхрастую галаву, маркотна любуючыся недаступнай канінай.
Яна набрала Верку. Капсама аланы, як заўсёды. А Вярок, відаць, працуе. Ёсьць плюс у яе працы – у яе кожны дзень мужыкі зьнікаюць, і ніхто не бядуе, падумала Сафія. Яна дакурыла, села перад тэлефонам, пачала глядзець на яго так засяроджана, што нават калі б ён быў фэнам або пыласосам, усё адно абавязкова зазваніў бы. Але было ціха, так ціха, як ніколі не было яшчэ ў жыцьці Сафіі. Трэба было дзейнічаць. Яна набрала Сіманенкавага сябра і распавяла яму, запінаючыся, што здарылася.
«Не, ня ведаю, – сказаў сябра Сіманенкі. – Ты ў паліцыю тэлефанавала?»
«Сказалі, калі праз тры дні ня вернецца, будуць шукаць, – адказала Сафія спакойна. – …І галоўнае – у адных тапках. Ты падумай, можа, ён табе гаварыў што надоечы? Ну там, пра мяне, і наогул… Там, маўляў, дастала ўсё, не магу больш?»
«Не, Сафія, – сказаў сябра Сіманенкі. – Нічога такога. Ні пра цябе, ні пра дастала».
«Вось падонак, – сказала Сафія і чыхнула. – Нават пра мяне – і ні слова. А ты ня хлусіш мне, Вова?»
«Што ты, – сябра Сіманенкі засьмяяўся, і сьмех гэты выразна засьведчыў, што хлусіць ён часта, шматслоўна, брудна і ня толькі начальніку. – Сафія, табе можа дапамога трэба? Дык я прыеду ўвечары».
«А асаблівы падыход ты ведаеш?» – спытала Сафія тужліва.
«Што? Які падыход? Да чаго? – голас сябра зрабіўся адразу вышэйшы на актаву. – Я да ўсяго падыходы ведаю, – засьмяяўся ён з палёгкай праз імгненьне. – Не сумнявайся. Зьбіла з толку… Дык як?»
«Не, дзякуй, усё ў норме», – сказала Сафія і паклала слухаўку.
3
Зорнай травеньскай ноччу 1995 года я выйшаў з пад’езду аднаго