Скачать книгу

і ў заклапочаных роздумах пра макраэканамічныя працэсы ва ўласных кішэнях. Цагліны ён крышыў павольна, але ператвараў іх амаль у парашок. Гэта мяне бянтэжыла. Я таксама біў цэглу нетаропка, але аскепкі ўрэшце атрымліваліся дужа кабаністыя. Спытаўшы ў Міроненкі парады, я атрымаў у адказ хітрую ўсмешку і бясплатную ангельскую прыказку: «Кепскі работнік свае інструменты ганіць». Няўлоўнасць і прыказкі з прымаўкамі былі яго галоўнымі адрознымі рысамі.

      Побач са мной на школьным двары каля спартовай пляцоўкі тую ж самую работу выконвалі два маіх іншых калегі. Непапраўны пафігіст і дыскутант Яраслаў Леанідавіч Майсюк, хаця і быў частковым цёзкам на прозвішча знанага паэта-песенніка, паэзіі ўсё ж не любіў. Але абагаўляў прозу. Ды не проста прозу, а прозу жыцця. Абагаўляў за ўсе выбрыкі і нечаканасці, якія цяжка было прыдумаць самаму таленавітаму пісьменніку нашай, як яму здавалася, безнадзейнай планеты. Такім пісьменнікам ён лічыў аднаго расійскага фантаста, што ўдала эксплуатаваў тэму барацьбы між святлом і цемрай. Вось жа і Майсюк следам за тым фантастам падзяляў усё чыста на святло і цемру, і нядбалым вучням (а выкладаў ён фізіку) даводзілася зусім нясоладка апынацца ў катэгорыі «іншых цёмных». Пад пільным наглядам бога Ра, які зухавата спальваў нам плечы, Ярык прымудраўся да ўсяго паліць цыгарэціну і разважаць пра высокія матэрыі, накшталт маральных аспектаў прысутнасці зямлян на Марсе.

      А вось Дзяніс Давыдавіч Іскаліеў – палкоўнік запасу, колішні ваенрук, а тагачасны выкладчык курсу «АБЖ», які выглядаў гадоў на шэсцьдзесят – нязменна гаварыў пра сэкс. Дакладней ён гаварыў пра што заўгодна, але ўрэшце збіваўся на сэксуальную тэматыку. Толькі той факт, што стары колісь чытаў у паўарыгінале творы Імануіла Бацькавіча Канта, ратаваў нас ад пытанняў пра колькасць пакаштаваных за лета жанчын. Зрэшты, Дзяніс Давыдавіч увесь час дзівіўся, чаму, працуючы ў амаль выключна жаночым калектыве, ні я, ні Ярык не карыстаемся становішчам. «Хлопцы, працы ж непачаты край!» – усклікаў ён, маючы на ўвазе не тройчы выклятыя цагліны, а ўсіх нашых паважаных каляжанак. Я ў тысяча першы раз прапускаў гэтыя словы міма вушэй, усміхаўся і, заліты віленскімі вёдрамі поту, працягваў махаць малатком, удаючы з сябе Тора.

      На спортпляцоўцы віліся дзеці і адзін пераростак, якога ў свой час ледзьве справадзілі пасля дзявятага класа. Ён выхваляўся паляўнічымі трафеямі свайго бацькі. Сябручкі і слухалі яго, і назіралі за нашай працай, не разумеючы яе сэнсу. І хоць цікаўнасць даймала, спытаць наўпрост яны не наважваліся. Іхняя ўвага трохі злавала, бо даводзілася пачувацца бясплатным клоунам на арэне месяцавага цырку. Але ж – цярпі, казача, не выпадае іначай. Біццё цэглы пад прыцэлам чужых вачэй працягвалася.

      – Дзяўбі, дзяўбі, Эрнесцік. Сонца яшчэ высока, – пакепліваў з мяне Іскаліеў. – Падзяўбеш, каб потым было спраўней дзеткам на ўроках аб правах чалавека расказваць.

      – Аб натуральных? – з панурай усмешкай удакладніў я.

      – Аб натуральных, аб звышнатуральных, аб

Скачать книгу