ТОП просматриваемых книг сайта:
Інфанта і аднарог. Сяргей Балахонаў
Читать онлайн.Название Інфанта і аднарог
Год выпуска 2015
isbn 978-985-562-150-9
Автор произведения Сяргей Балахонаў
Жанр Современная зарубежная литература
Издательство Электронная книгарня
© С. Балахонаў, 2015
© Логвінаў, выдавец, 2015
Ад рэдакцыі
Гэты раман павінен быў выйсці яшчэ на пачатку стагоддзя. З шэрагу інтэрв’ю Сяргея Балахонава і ўскосных звестак, якія паходзяць ад іншых людзей таго часу, вынікае, што твор меркаваўся да папяровай публікацыі ў перыяд паміж выданнямі празаічных зборнікаў «Імя грушы» і «Зямля пад крыламі Фенікса», то бок між 2005 і 2012 гадамі паводле старога календара адпаведна. Сам аўтар ні ў тыя часы, ні ў значна пазнейшыя не прызнаваўся, што ж менавіта стала загваздкай, якая не дазволіла раману з’явіцца на чытацкі суд.
У гутарцы з журналісткай партала «Дбалая вядзьмарка» (2045 г.) пісьменнік усяляк ухіляўся ад адказаў на пытанні наконт гэтага рамана, гаворачы нешта няўцямнае пра самалёт, які так і не здолеў узляцець. Схільнасць Сяргея Балахонава да містыфікацыяў спарадзіла ў даследчыцкіх колах гіпотэзу, што рамана «Інфанта і аднарог» папросту ніколі не існавала, што літаратар наўмысна ўводзіў у зман зацікаўленую публіку, а колькі чалавек з яго сяброўскага атачэння пры нагодзе падыгрывалі яму. Такая гіпотэза вельмі працяглы час лічылася адзіна дакладнай.
Падобнага кшталту ўяўленні не здолеў змяніць нават адшуканы ў сярэдзіне стагоддзя каталог з бібліяграфічнай прыгадкай урыўка з названага рамана, апублікаванага ў гомельскім літаратурным альманаху «Палац» (2014 г.). Па-першае, ніводны асобнік альманаху на той час не быў знойдзены. Па-другое, гомельскае паходжанне гэтага выдання спарадзіла здагадку, што і тут не абышлося без містыфікацыі з боку гамяльчаніна Сяргея Балахонава. Аднак у 2067 г., то бок праз два гады пасля смерці аўтара, адзін з супрацоўнікаў нашага інстытута зрабіў сенсацыйнае адкрыццё: на беластоцкім букіністычным кірмашы сярод выданняў, прысвечаных архітэктуры, выпадкова знайшоўся той самы нумар «Палаца», і фрагмент з рамана «Інфанта і аднарог» там сапраўды прысутнічаў.
Гэтае адкрыццё змусіла даследчыкаў заварушыцца. Пачаліся пошукі любой інфармацыі, якая магла б вывесці на іншыя фрагменты ці нават на поўны тэкст страчанага твору. У 2070 г. наш інстытут мусіў прадаць танк, каб атрымаць сродкі для комплекснай працы ў архівах старога інтэрнэту. Праца праводзілася па многіх напрамках. Пошукі слядоў рамана Сяргея Балахонава з’яўляліся між іх адным з прыярытэтных. Вынікам, на жаль, стала толькі знаходка аўдыёфайла з дзіўным музычным трэкам «Альбо я, альбо Аліса», які датуецца 2012 г. Рэфрэнам у ім паўтараюцца некалькі сказаў з рамана. Эксперты высветлілі, што голас на трэку належыць самаму аўтару.
З аднаго боку знаходка ўскосна пацвярджала здагадкі асобных даследчыкаў, што раман «Інфанта і аднарог» для спадара Сяргея быў вельмі важным творам. З іншага ж – маштаб даследаванняў пасля выяўлення згаданага аўдыёзапісу звузіўся да мінімуму. На пачатку 70-х гг. працу працягвалі, па сутнасці, толькі два чалавекі – Жыгімонт Цыбульскі і Крысціна Абрамовіч. Яны перакапалі масу ўспамінаў людзей, якія, так ці інакш, маглі быць звязаныя з гомельскім пісьменнікам. Сярод іх атрымалася выявіць згадку пра «зялёную тэчку» – адмысловую пластыкавую капэрту для папер, дзе захоўвалася, відаць, папярэдняя версія рамана, з якой Сяргей Балахонаў пазнаёміў, прынамсі, трох чытачак.
Ухапіўшыся за гэтую згадку, даследчыкі зладзілі выправу ў Гомель. Выправу вельмі рызыкоўную, калі ўлічваць тое, чым стаў Гомель пасля сумнавядомых здарэнняў 2051 г. Да таго ж наіўна было меркаваць, што «зялёная тэчка», пакінутая там блізу 2011 г., магла праз столькі гадоў захавацца. Ж. Цыбульскі і К. Абрамовіч, захопленыя прагай адшукаць страчаны раман, не зважалі ні на якія акалічнасці. Але іх літаратуразнаўчая авантура не дала жаданага плёну. Да таго ж абодвум давялося з баямі пакідаць частку Гомеля, кантраляваную чужаніцамі і перародкамі. Наша навука ледзь не страціла двух найбольш адданых сваёй справе людзей, а яснасці са знаходжаннем рамана «Інфанта і аднарог» так і не дадалося. Росшукі ў чарговы раз зайшлі ў тупік.
Сітуацыя кардынальным чынам перамянілася летась. Адзін з эстонскіх рэйнджараў, які мае пэўны сантымент да беларускай літаратуры, здабыў на Готландзе паўдзясятка «цвёрдых дыскаў» – перазапісвальных запамінальных прыладаў, якія яшчэ паўстагоддзя таму выкарыстоўваліся ў бальшыні кампутараў. Здабытыя прылады эстонец ласкава перадаў нашаму інстытуту на ўмовах захавання ананімнасці. Адзін з перададзеных ім дыскаў утрымліваў вялікую колькасць інфармацыі, якая так ці інакш тычылася Сяргея Балахонава. Адразу ўзнікла думка, што ў нашы рукі трапіў дыск з яго асабістага кампутара. Далейшае ж больш стараннае вывучэнне змесціва змусіла прыйсці да высновы, што гэта была запамінальная прылада з кампутара кагось з аматараў тагачаснай літаратуры. Да таго ж з набору файлаў, якія цудам захаваліся на прыладзе, цяжка зразумець, належала яна паспалітаму чытачу ці якомусь літаратуразнаўцу.
Даследчыкі працягваюць займацца высвятленнем гэтага пытання ў адной з лабараторый нашага інстытута. Але можна смела сцвярджаць, што галоўнае адкрыццё ўжо адбылося. Ім стаў тэкставы файл з літаратурным творам, ідэнтыфікаваным намі як раман «Інфанта і аднарог». Пакуль цяжка сказаць, з якой версіяй гэтага твора мы маем справу – пачатковай ці дапрацаванай. Апошнія змены ў файл уносіліся ў 2030 г., то бок незадоўга да першага