Скачать книгу

рознымі людзьмі, не адзін раз траплялася прозвішча загінуўшага юнага партызана Сіўчыка Міхаіла Якаўлевіча. Шмат аб ім расказаў яго траюрадны брат Сіўчык Васіль Емяльянавіч з іншымі асобамі. Геройскі ўчынак народнага мсціўца ўзрушаў, не даваў спакою, і я вырашыў вярнуць імя з забыцця, таму што пра подзвіг героя павінны ведаць і помніць, колькі б гадоў ні прайшло.

      …Ішла вайна. Развярнулася ўсенародная барацьба супраць фашысцкіх акупантаў, у тым ліку і на тэрыторыі былога Рудзенскага раёна, да якога належалі Смілавічы і навакольныя вёскі. Тут дзейнічаў партызанскі атрад імя К. Я. Варашылава. У складзе яго прыкладна з кастрычніка 194З года пачала змагацца з захопнікамі сям’я Сіўчыка Якава Кузьміча з вёскі Гудавічы: ён сам, жонка Анастасія Сямёнаўна, непаўналетні сын Міхаіл, дачка з зяцем, былым міліцыянерам. Як толькі арганізаваліся партызанскія атрады, адразу пачалі садзейнічаць ім, а потым і самі падаліся ў народныя мсціўцы. Немцы, каб напужаць іншых, разабралі іх хату і гаспадарчыя пабудовы.

      У барацьбе з гітлераўскімі акупантамі выдзеліўся сын, не па гадах высокі, прыгожы, спрытны, хуткі, кемлівы, разумны юнак. Да вайны ён вучыўся ў Смілавіцкай сярэдняй школе. Вайна перашкодзіла атрымаць сярэднюю адукацыю і стаць лётчыкам, як яму раіў старэйшы брат. Нягледзячы на юны ўзрост (Міхаіл нарадзіўся ў 1926 годзе), хлопец выконваў адказныя заданні па выведванні важнай інфармацыі. У розным адзенні ён наведваў мястэчкі і вёскі Чэрвеньскага, Рудзенскага, Пухавіцкага і Смалявіцкага раёнаў. Заўжды вяртаўся з важнымі звесткамі. У барацьбе з лютым ворагам набіраліся баявога вопыту народныя мсціўцы. Але ж, нягледзячы на вялікую небяспеку і цяжкія ўмовы, жыццё брала сваё. Так дзіцячае захапленне перарасло ў каханне. Яшчэ ў школе Міхаіл прыкмеціў дзяўчынку. Яна з кожным годам станавілася яму ўсё мілей. Калі ўдавалася, пасля паспяховай разведкі на кані ён наведваў сваякоў, каб атрымаць што-небудзь з харчоў і пабачыць каханую. Пешшу таксама не мінаў яе двор.

      Пачуцці былі ўзаемнымі. Жыхары вёскі радаваліся светлым адносінам.

      …16 студзеня 1944 года Міхаіл выканаў чарговае заданне камандавання раней за дамоўлены тэрмін. Таму некалькі хвілін вымеркаваў для наведвання роднай вёскі, любімых веснічак. Ён вяртаўся да партызан праз Святую горку ў напрамку вёскі Жураўкавічы. У гэты ж час па Магілёўскай шашы ішла нямецкая аўтакалона. У прыдарожнай лясной паласе хлопец перачакаў яе праезд.

      Васіль Емяльянавіч Сіўчык на ўсё жыццё запомніў размовы старэйшых жыхароў Гудавіч і сваіх бацькоў пра гэты дзень:

      «…Частка машын мінула месца, дзе схаваўся разведчык, а другая была яшчэ на падыходзе. Ён не пачуў яе гула і пачаў пераходзіць магілёўку з вінтоўкай за плячыма. У гэты момант выскачылі на пагорак адстаўшыя аўтамашыны з немцамі. Яны ўбачылі яго і адкрылі шалёную стральбу. Дарогу партызан паспеў перабегчы, але быў моцна паранены. Накіраваўся да схованкі ў пясчаных кар’ерах Баброўкі. Ды фашысты не адсталі і акружылі, каб захапіць у палон.

      Але гэтага не здарылася. Міхаіл скінуў бот, падставіў дула вінтоўкі да галавы і вялікім пальцам нагі націснуў на курок. Раз’юшаныя фашысты пачалі здзеквацца. Пасярэдзіне цела расклалі агонь. Прыставілі варту, каб схапіць і тых, хто прыйдзе яго пахаваць. Плакалі ў кожнай хаце, хоць гэта і было небяспечна. I сёння не магу спакойна ўспамінаць той жудасны час. Хоць і малым быў, але ўсё яскрава адлюстравалася ў памяці, не сціраецца».

      Толькі праз дзве начы партызаны змаглі забраць свайго таварыша. Пахавалі ў брацкай магіле на могілках вёскі Петравінкі.

      Выпускнік Смілавіцкай школы 1941 года, генерал-маёр авіяцыі ў адстаўцы шаноўны Крэпскі Карл Іванавіч, адказваючы на маё пытанне, распавёў: «Я не забыў гэты ўчынак. Змагаўся таксама маладым хлопцам, але ў атрадзе імя Будзёнага. Камісар расказаў і папярэдзіў нас, гарачых, аб большай перасцярозе. Мы ж абяцалі помсціць фашыстам за смерць партызана».

      Што адчуваў юнак у апошнія хвіліны свайго жыцця? Хто бачыўся яму: бацька, маці, сястра або каханая? Што пажадаў ім, апошні раз удыхаючы паветра і гледзячы на блакітнае неба?

      Безумоўна, хлопец быў вельмі моцным чалавекам з вялікай адказнасцю. Ён добра разумеў, што яго замучаюць, і не даў немцам такога шанцу. Сваёй смерцю жадаў аблегчыць становішча сваякоў, каханай, даць ім магчымасць пазбегнуць кары, падоўжыць жыццё. Барацьба – смерць дзеля жыцця іншых людзей – сутнасць подзвігу Сіўчыка Міхаіла Якаўлевіча, чалавека вялікай душы.

      Пасля вайны яго каханая дзяўчына выйшла замуж. Аднаго з сыноў яна назвала Міхаілам. Васіль Емяльянавіч дадае: «Яна ніколі не забывала Міхаіла. Расказала аб ім сваім дзеткам. Ды і мы, сваякі, помнім і будзем нашчадкам расказваць».

      Прозвішча партызана Міхаіла Сіўчыка высечана на памятнай стэле, усталяванай у гонар вучняў Смілавіцкай сярэдняй школы, якія аддалі сваё жыццё за наша сёння, мірнае і шчаслівае.

      Пра ўзнагароды мужнага змагара не пішу, бо ён годны самай высокай – вечнай памяці народа.

      Пасля вайны бацькі перахавалі астанкі сына на Смілавіцкіх могілках з надпісам: «Загінуў ад фашысцкіх захопнікаў». У раённай кнізе «Памяць» гэты факт не адзначаны. Згодна ёй, цела партызана да нашых дзён пакоіцца на Петравінскіх могілках.

      З

Скачать книгу