Скачать книгу

завулка, дзе ў машыне чакаў Бусел. Камісар быў задаволены першай «вылазкай», а вiдавочная разгубленасць Сушынскага, выклiканая знiкненнем фотаздымка, гаварыла за тое, што яны з Буслам дзейнiчаюць правiльна. Зондаксу вельмi карцела спытацца ў Сушынскага, калi i як ён выявiў прапажу, але цiснуць на лейтэнанта яшчэ ранавата. Сышчык сам у роздуме, вось няхай i пакумекае, мо нешта i ўзгадае.

      – Ну?! – нецярплiва запытаў Бусел, як толькi Зондакс залез у машыну.

      – Поўны парадак! – усмiхнуўся Петэрс i весела ляпнуў сябра па плячы. – Парадак, кажу, у танкавых войсках, – заводзячы машыну, напусцiў ён на сябе важнасць, чамусьцi захацелася пакпiць з Бусла.

      – Не цягнi жылы, – узмалiўся насуплены капiтан.

      – Па дарозе ўсё раскажу, – вырульваючы са стаянкi, прагаварыў Зондакс i, крыху счакаўшы, дадаў: – Па-першае, наш аднакашнiк, маёр Сарока, у камандзiроўцы, будзе не раней чым праз тыдзень. Па-другое, Мiкола Сушынскi перадае прывiтанне.

      – Ты расказаў яму праўду? – усклiкнуў Бусел.

      – Не, толькi частку праўды, – засмяяўся Зондакс. – Здаецца мне, ён хлопец надзейны, i пра цябе ўспамiнаў са слязамi на вачах, так што не ўсе ў мiлiцыi звязаны з мафiяй.

      – Я гэтага не казаў, – са злосцю прабурчэў капiтан. – Чым менш людзей будзе ведаць праўду, тым хутчэй мы рассячом гэты гордзiеў вузел.

      – Маеш рацыю, – пасур’ёзнеў Зондакс. – Але ж пра галоўнае: Сушынскi згубiў фотаздымак.

      Бусел шматзначна паглядзеў на Петэрса, вiдавочна, чакаючы тлумачэнняў, але Зондакс маўчаў.

      – Спадзяюся, ён патлумачыў прапажу? – не мог не дапытвацца Бусел.

      – Я наўмысна сёння не засяроджваў на гэтым увагу, але ясна адно: фотаздымак знiк яшчэ да таго, як ты трапiў у лапы Фiлiна. Факт прапажы здымка насцярожыў лейтэнанта, пэўна, ён лiчыць гэта недарэчнасцю, толькi ў мяне склалася ўражанне, што Сушынскi штосьцi замоўчвае, недагаворвае i… – Зондакс прымоўк, скоса зiрнуў на Бусла.

      – Хочаш сказаць, каб лейтэнант ведаў праўду, мог бы расказаць нешта больш важнае, тое, што цяпер яму здаецца дробяззю. Так? – хуценька ўдакладнiў думку сябра Бусел.

      – Так, Андрэй. Хочаш не хочаш, а нам трэба шукаць чалавека, якi быў бы ў аддзеле нашымi вушамi i вачыма… Але пра гэта пазней. У мяне яшчэ будзе сустрэча з Сушынскiм, i трэба прыглядзецца да хлопца.

      – Хто займаецца раскрыццём забойства?

      – Маёр Астроўскi.

      Бусел задаволена ўсмiхнуўся.

      – Вось бачыш, Фама няверуючы, – упiкнуў сябра Зондакс, – я быў правы: тваёй справай займаюцца лепшыя сышчыкi. Мо трэба звязацца з маёрам?

      – Нi ў якiм разе, – рашуча запярэчыў Бусел. – У Астроўскага таксама ёсць начальнiкi, а тое, што я застаўся жывы, ён не можа трымаць у тайне, не мае права… Так што лепш яго не падстаўляць, няхай вядзе сваё расследаванне, а мы сваё. Прыйдзе час, нашы шляхi перакрыжуюцца.

      – Гаворыш так, быццам робiш маёру паслугу, – не пагадзiўся Зондакс, – быццам не разумееш, колькi версiй адпрацуе Астроўскi, перш чым зразумее, што ты жывы.

      – Я разумею, – iранiчна ўсмiхнуўся Бусел, – i падумаў наконт гэтага.

Скачать книгу