ТОП просматриваемых книг сайта:
Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча. Людміла Рублеўская
Читать онлайн.Название Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча
Год выпуска 2014
isbn 978-985-7083-85-5
Автор произведения Людміла Рублеўская
Серия Пранціш Вырвіч
Издательство Электронная книгарня
Папраўдзе, даўганосаму было ўсё адно, на якой траве ляжаць з ганьбаю – паваліўся ж не ад раны, а жвавы супернік, шчаўлік, прызначаны падхаружым проста са студэнцкай лаўкі, заганяў, збіў з тропу, ды яшчэ выпітая аквавіта падступна падбіла пад калені, адштурхнула ад фартуны, як расейскае войска – Пана Каханку Радзівіла пад Слонімам…
– Думаю, гэтага даволі, пан Свентажыцкі, – ветліва прамовіў падхаружы, русявы, блакітнавокі насмешнік, які спрытна падхапіў выбітую ў ворага шаблю і цяпер выскаляўся, быццам атрымаў куфэрак дукатаў ад новага маладога караля па мянушцы Цялок.
– Я, пан Вырвіч, вашу мосць яшчэ на скрылькі пасяку! – зароў пераможаны драгун, як дэлегат на элекцыйным сойме, пад ухвальны гуд таварышаў. Паспрабаваў устаць, але полацкая аквавіта была добрым, якасным напоем аптэкарскай работы, і перамагла. Рамонак журботна ківаў дробнымі сціплымі кветачкамі над палеглым ваяром, які соладка захроп, як быццам ляжаў не на зямлі, а на пуховай пярыне.
– Пан Пранціш, пойдзем, адзначым перамогу! Ягамосць Вырвіч мусіць выпіць за ўдалы двубой і за імяніны пана палкоўніка! – загулі драгуны, але падхаружы ўсміхнуўся сумна, схаваў сваю шаблю ў похвы, чужую зноў уторкнуў у дзірван, быццам яна магла прарасці кветкамі, і адгаварыўся ад балявання стомай і патрэбай напісаць ліст радзіне. І рушыў, не зважаючы на скрыўленыя фізіяноміі і перамігванні за спінай. Былі і перашэптванні, да якіх пану Вырвічу не трэба было прыслухоўвацца, каб ведаць, якія словы найчасцей паўтараліся – “чарнакніжнік” і “схізматык”.
Панам было цяжкавата патлумачыць, чаму падхаружы Пранціш Вырвіч не бачыць асаблівай прычыны для балявання. Як сказаў бы Пранцішаў настаўнік, строгі прафесар Віленскай акадэміі доктар Баўтрамей Лёднік, няма асаблівага гонару ў тым, каб пабіцца з п’яным таварышам, які нават не помніць, з-за чаго быў пабіты.
– Схізматык! – прабурчэў услых пагардліва адзін з драгунаў. – Як такога ў войску трымаюць?
– Пан Вырвіч – рыцар! З роду самога Палямона! – заступіўся за таварыша чарнявы драгун з такімі плячыма, на якіх, здавалася, можна абіваць снапы. – Мы вучыліся разам – і не чарнакніжнік ён ніякі! Добры хлопец і слаўны шляхціц! Хіба мала ў бойкі разам хадзілі? Не бачылі, як ён б’ецца? Вам жа, пан Гаравіч, жыццё пад Коўнам уратаваў! А наконт схізмы – дык наш кароль, ягоная мосць Станіслаў Панятоўскі, супраць таго, каб дысідэнтаў пераследвалі.
– Воін пан падхаружы і праўда адважны… Шабляй валодае – як сам Палямон… – неахвотна прызнаўся пан Гаравіч, таўсманы шляхцюк з носам, які нагадваў пераспелую сліву. – Але хіба сапраўдны шляхціц будзе, як пан падхаружы, пасля баталіі дыскурсы разводзіць, а ці правільна шаблю агаляў, ці справядліва кроў пусціў? Філасофію трэба ў бурсе пакідаць, а не цягнуць на поле бойкі! А наконт схізмы – дык я ўхваляю мінулагодні сойм, на якім прынялі, каб за пераход з каталіцкай веры ў іншую караць на горла!
– Як па-мойму, дык веру бацькоўскую мяняць – і праўда ганьба, – пагадзіўся Недалужны, і цвёрда дадаў, гледзячы ў вочы ўсцешанаму раптоўнай згодай сліваносаму. – Вось праваслаўны пан Вырвіч і не мяняе.
Аблічча таўсманнага шляхцюка пачынала набываць тое ж адценне, што й ягоны нос.
– Пан Недалужны намякае на тое, што мой дзед перайшоў з царквы ў касцёл? Веру памяняў? Дык і вашай мосці прадзеды, не памылюся сказаўшы, рускай веры былі!
Магчыма, улёгся б зараз яшчэ хтось на траву на ўскраіне маленькага ліцвінскага мястэчка, дзе кватаравала драгунская харугва, але нехта, стамлёны доўгім адрывам ад стала, закрычаў:
– А ці не пайсці нам выпіць за вернасць бацькоўскай веры?
Заклік меў удзячных паслядоўнікаў, і хутка ў хаце пана пісара, які кляў усіх датычных да таго, што ягоны дом не вызвалілі ад пастою, і што патрапіўся кватарант-драгун, шчодры на частунак, загуло застолле, застукаў келіх аб келіх, загрымелі віваты… А чаму не – калі заўтра ж, а то і сёння гострая шабля ўчарашняга сябра і суседа можа дастаць табе да сэрца, альбо шастапёр раскроіць прыкрашаную чубам, паголеную па сармацкім звычаі галаву, а поўныя келіхі нектара ды амброзіі пазасвецця наўрад гэтак жа ўсцешаць, як свойскі блакітны ліквор, на святаянніку настоены… Гуляйма ж тут, на грэшнай зямлі, пане-брацці! Тым болей сёння падстава ёсць: імяніны пана палкоўніка Масальскага.
Малады падхаружы з палёгкай аддаляўся ад гуду і тлуму, нібыта адліпала ад цела надакучлівае павуцінне. Як казаў Цыцэрон, гнеў – гэта першая ступень вар’яцтва. Трэці год службы – а ад колішніх летуценняў пра вайсковыя подзвігі засталіся нат не ашмёткі, а сапраўды – кволае павуцінне бабінага лета, якое паблісквае на сонцы залатымі ніткамі, але ты выдатна ведаеш, што з гэтых нітаў не сатчэцца ні сувой, ні нават вузенькая ордэнская стужка. Патрапіў пан Пранціш Вырвіч гербу Гіпацэнтаўр на службу ў харугву коннага рэгіменту вялікай булавы дзякуючы таму, што колішні шэф харугвы, вялікі гетман Радзівіл па мянушцы Рыбанька, апекаваўся Пранцішавым настаўнікам, доктарам Баўтрамеем Лёднікам. Лёднік калісьці выратаваў жыццё