Скачать книгу

ітнычнай магутнасці і міжнароднага аўтарытэту гэтая дзяржава дасягнула пры вялікім князе Вітаўце.”

В. Чамярыцкі,даследчык і перакладчык “Летапісу вялікіх князёў літоўскіх”

      Ад аўтара

      Раман “Знак Вялікага магістра” ахоплівае перыяд з 1388 па 1392 год (апроч эпілогу, які апавядае пра славутую Грунвальдскую бітву 1410 года).

      Гэта былі вызначальныя гады для лёсу нашай бела рускай дзяржавы. Барацьба князя Вітаўта за незалежнасць Вялікага Княства Літоўскага (сённяшняй Беларусі), распачатая ім супраць стрыечнага брата, вялікага князя літоўскага і караля польскага Ягайлы (у праваслаўі Якава, у каталіцтве Уладыслава ІІ), скончылася Востраўскім пагадненьнем, якое зрабіла немагчымай інкарпарацыю ВКЛ у Польшчу, што было амаль непазбежна пасля Крэўскай уніі 1385 года.

      У часы Вітаўта нашая краіна сапраўды дасягнула свайго найвялікшага росквіту як у культуры (яна мела нацыянальны беларускі характар), так і на міжнароднай арэне. Вымусіўшы Ягайлу пайсці на замірэнне, Вітаўт тым самым умацаваў мір паміж ВКЛ і Польшчай, што дало свой плён праз васемнаццаць гадоў, калі аб’яднаныя сілы Польшчы і ВКЛ разграмілі магутны Ордэн крыжаносцаў, альбо, як яго яшчэ называлі ў Польшчы, Закон, які рэальна пагражаў народам гэтых краінаў. У бітве пад Грунвальдам у 1410 годзе вырашальнае значэнне ў самы цяжкі момант бітвы мела мужнасць трох смаленскіх палкоў. У сён няшняй гісторыяграфіі, асабліва ж рускай, гэтым падкрэсліваецца значнасць для перамогі менавіта рускіх палкоў. Гэта не што іншае, як звычайная фальсіфікацыя, бо на момант Грунвальдскай бітвы Смаленск уваходзіў у склад ВКЛ.

      Постаць Вітаўта Вялікага (13501430) упершынюў беларускай літаратуры выведзеная ў рамане эміграцыйнага пісьменніка Уладзімера Случанскага “Драбы”, але яна патрабуе не аднаго твору, таму што яго жыццё і яго эпоха ў гісторыі беларускай дзяржавы маюць велізарнае значэнне. Дастаткова ўспомніць хаця б той факт, што менавіта Вітаўт у 1416 годзеўтварыў праваслаўную мітраполію ў ВКЛ з цэнтрам у Новагародку, і пры ім пачаўся працэс цэнтралізацыі Вялікага княства Літоўскага – нашай дзяржавы.

      Напад

      Ахоўнікі-воі ляжалі і на паляне, і вакол яе: хто скурчанелы, тырчком – так, як валіўся з каня, хто распластаўшыся на пажоўклай траве, а хто – уткнуўшыся ў зямлю, быццам шукаючы ў яе абароны. Было відавочна – усе яны былі захопленыя смерцю знянацку. У кожнага – у каго ў горле, у каго ў вуху, а ў некаторых у спіне ці грудзях – тырчала страла, і абыякавы вецер трапаў пярынкі, умацаваныя ў рашчэпы на канцы стрэлаў. Параненых дабівалі мячамі – жахлівыя раны заплылі счарнелай крывёй, якая застыла на заскарузлым адзенні.

      Кашталян Лідскага замку Нарбут, што ў той злашчасны поўдзень 1389 году прыехаў да Альгердавай паляны на свае вочы пабачыць зладзейства, стаяў як анямелы. Яго паднялі з ложку ў самы той момант, калі ён, з вечару распараны лазняй і развяселены медавухай, бачыў у сне, як гоніцца за баярскай дачкой Лозкай па сцяжыне, што праразае лясную паляну. Разгарачаны хоццю, нібы гарачаю парай, ён ламіўся за маладзіцай, як лось, ужо гатовы падмяць пад сябе юнае, пругкае дзявочае цела, – і раптам грукат у дзверы, трывожны голас вартавога, і вось ужо заспаная, з краёчкам ранішняй зары раніца абдае холадам ногі, занадта паспешліва абгорнутыя анучамі, а вочы не хочуць бачыць тое, што і так нікуды ўжо не знікне: крывавыя пісягі на зжаўцелай, трохі прыхопленай шэранню траве, пераламаныя бярэзіны, а галоўнае – мёртвых вояў, што ўчора павезлі з замку скарбонку. Не тую, звычайную, у якой пасылалася ў Вільню штомесячная даніна з Лідскага княства. Учора з замку павезлі заморскага дрэва куфар, інкруставаны перламутрам і косцю, ды не пусты – з сотняй залатых чэшскіх грошаў, пяццю каштоўнымі камянямі, дзесяццю нізкамі перлаў, двума залатымі бранзалетамі, дзе ў гняздзечках зьзялі дробныя пярліны. А яшчэ – пяць залатых крыжоў, варцобы[1] з серабра і сярэбраныя ж цяжкія кубкі – ажно шэсць… А чаша з празрыстай марской пярліны, акаваная золатам, дзе на закрыўцы, выразаныя з дзівосным майстэрствам, мілаваліся залатыя Лель і Лада! Але найкаштоўнейшае – гэта вялікі залаты медальён з васільковага колеру сапфірам пасярэдзіне і зялёнымі смарагдамі па баках.

      Сам ён укладваў усё гэтае багацце ў куфар, сам замацоўваў пячаткай пералік, старанна выведзены на пергаменце пісарам Няжылам.

      Сястра вялікага князя і караля Ягайлы, гаспадыня замку княгіня Марыя пад аховай дзесяці вояў пасылала ў сталіцу скарбы, якія завяшчаў гаспадару Літоўскае зямлі ейны васал баярын Страміла. Бязьдзетным паміраў ён, таму прасіў княгіню Марыю апекавацца ягонай жонкай. Ведаў баярын – слабая і безабаронная баярыня Раіна, абяруць яе родзічы, абдзяруць, як тую ліпку. Калі ж заступіцца за Раіну княгіня, то, магчыма, маладая яго малжонка[2] трапіць у віленскі вялікакняскі, а можа, і каралеўскі кракаўскі двор – а там хопіць ёй і дабра, і абароны.

      – Што будзем рабіць? – запытаўся памочнік Кот. Ён быў, бадай, яшчэ больш разгублены, чымся сам кашталян. Ніколі не бачыў ён адразу столькі забітых – ажно васьмёх! Ды каго – замкавых панцырных баяраў,[3] якіх усе добра ведалі

Скачать книгу


<p>1</p>

варцобы – шахматы

<p>2</p>

малжонка – жонка

<p>3</p>

панцырныя баяры – баяры-воі, якія называліся так таму, што ў час вайны былі абавязаныя абараняць радзіму ў складзе войска (сваім “панцырам”).