Скачать книгу

што ператворанага? А не трэба было параўноўваць сябе са старым раўніўцам Зеўсам, а сваю жоначку – з фанабэрыстай Герай.

      Пад бокам каржакаватага партовага маяка матросы ў чырвоных шапках і матросы ў белых шапках лупілі адзін аднаго ў славу родных караблёў, што гайдаліся непадалёк на далоні Ліёнскага заліва, падкурчыўшы ветразі, як вялізныя кажаны-альбіносы – крылы. Нешматлікія гледачы лена спрачаліся, чыя банда пераможа.

      Нават Адысей, які дваццаць гадоў плыў да гэтага берага, завагаўся б – ці прычальваць?

      Але Адысей быў усё-ткі царом, хоць і дробненькім. А простым людцам і тут было хлебна і рыбна. Порт Латэ гуў, нібыта павятовы сеймік у далёкай ліцвінскай Рэчыцы альбо Наваградку. Мінакі з мястэчка Манпелье, што знаходзілася непадалёк ад порта, у гарах, штурхаліся гэтак жа, як шляхцюкі ў дзвярах менскай ратушы.

      Праўда, жанчыну з дзіцем на руках, якая стаяла, кагосьці чакаючы, на прасоленай морам брукаванцы ўзбярэжнай, ніхто штурхануць не насмеліўся б.

      І не таму, што матрасня, загарэлая да чарнаты, докеры з аршыннымі плячыма ды партовыя гандляры, увішныя, як вугры, у слаўнай правінцыі Лангедок раптам пачалі шанаваць высакародных дам. Ну хаця б з нагоды нядаўняга вяселля шаснаццацігадовага дафіна з аўстрыяцкай прынцэсачкай Марыяй Антуанэтай. Не, наконт прынцэсачкі і ейнага нядошлага сужонца яны маглі толькі шчодра адсыпаць слоўцаў, салёных і вохкіх, як мора.

      Проста тую жанчыну, што стаяла, трымаючы дзіця, на ўзбярэжнай порта Латэ, немагчыма было штурхануць – столькі годнасці і трывожнага чакання ў паставе. Не юная, але стройная і вытанчаная, як шахматная фігура. Скура бялюткая без пудры – дый увогуле пані пагарджала бяліламі, чырваніламі ды іншымі неабходнымі даме галантнымі рэчамі. Вялізныя сінія вочы праніклівыя і нават уладныя… А раптам якая герцагіня альбо прынцэса, вымушаная таемна, пад чужым імем, адужваць дарогу? Дый вопратка на ёй вунь якая дарагая… Сукенка з аксаміту колеру спелага каштана, вышытая срэбрам, модны капялюш з заломленымі брылямі і белым пухнатым пёркам, як маленькі карабель з ветразем, пальчаткі з шэрага ліёнскага шоўку, каралі з буйных перлінаў… У белых акуратных кудзерках парыка, як расінкі, таксама паблісквалі перліны. Так старанна прыбіраюцца, калі рыхтуюцца да спаткання з дарагім чалавекам, якога даўно не бачылі, калі так хочацца, каб захапіўся, каб не расчараваўся…

      Але дзе ж ён? Пэўне, не варты такой кабеты. Бо толькі апошні бэйбус ды лабідуда мог пакрыўдзіць яе няўвагай. За такіх б’юцца да Пятровых ключыкаў, а не змушаюць чакаць.

      Дружны роў засведчыў, што матросы ў белых шапках перамаглі чырванашапачных, і гэтую падзею належала як след адзначыць ромам, джынам, к’янці… Ці што тут яшчэ п’юць, у слаўнай правінцыі Лангедок, пад абсыпанымі ружовай квеценню атрутнымі алеандрамі і дрэўцамі граната з такімі зыркімі чырвонымі кветкамі, што хацелася прымружыць вочы, як ад бляску напоўненага добрым віном крышталёвага келіха.

      Дама мацней прыціснула да сябе чарнавокую дзяўчынку гадоў двух, прыбраную як на баль, у карункавай сукеначцы і пышным каптуры з ружовымі бантамі. І чаму, цікава, такая радавітая мадам не мае нянькі? Хіба справа арыстакраткі – важдацца з дзецьмі, што могуць упэцкаць убор, за які можна купіць некалькі коней?

      Гледачы яшчэ больш здзівіліся б, калі б уведалі, што пані ніколі не наймала для свайго дзіцяці не толькі нянькі, але і карміліцы. На такое маглі наважыцца адно паслядоўніцы блюзнера Жан Жака Русо, які заклікаў французскіх дам не баяцца сапсуць фігуру, не зацягвацца ў гарсэты падчас цяжарнасці, самім карміць немаўлятаў грудзямі і не аддаваць іх на выхаванне наймічкам…

      Але паколькі сінявокая дама ў вышытай срэбрам сукенцы была прыезджай, чужынкай – вунь ейны таўсманы слуга разгублена топчацца каля нагрувашчаных куфраў, быццам п’яны цюлень, – дык ёй можна паблажліва дараваць парушэнне традыцый. Выправіцца ў далёкае падарожжа, ды яшчэ на караблі, з такім малым дзіцем, ды ў суправаджэнні аднаго нягеглага слугі! Напэўна, мадам адчайна смелая, нібы індыянская царэўна Пакахонтас.

      Але ў гожых сініх вачах усё выразней можна было заўважыць разгубленасць. Дама нават дзіця да сябе туліла, змінаючы неверагодна пышныя карункавыя спаднічкі, быццам хацела за яго схавацца. І зноў і зноў аглядала стракаты пейзаж порта Латэ, не зважаючы на цікаўна-прагныя позіркі мінакоў. Той-сёй з цёмнай партовай публікі нават затрымаўся непадалёк, прыкідваючы, ці не ўдасца скарыстацца з бядотнага становішча прыгажуні, у якое яна відавочна патрапіла. Шчэ трохі – і міжвольная павага да заезджай гожасці знікне, і на даму накінуцца з прапановамі завезці ў самы лепшы гатэль слаўнага мястэчка Манпелье пад назвай “Лунарэ”, паднесці куфры, прадаць ёй…

      Ну, прадаць тут маглі нават тоўчаны рог адзінарога, а не толькі цюльпаны – кроў французскага траўня, ці круасаны з вішнёвай накрыпкай або знакамітыя лангедокскія каўбаскі – іх прадавалі гарачымі, падсмажанымі тут жа, на невялічкіх пячурках… Гэтак жа, як і рыбу – срэбныя, як талер, сардзінкі, пляскатую, нібыта патрапіла пад капыты Няптунавых коней, камбалу, злосна-чырвонага марскога акуня…

      Герцагіня не пагрэбавала б такой рыбкай!

      Пані, аднак, не была ні герцагіняй, ні прынцэсай,

Скачать книгу