Скачать книгу

з лёсам трагічным, няўцешным

      жыла-гаравала сям’я.

      Мае беларускія сцежкі —

      дзе майская квецень садоў,

      дзе гульні, забавы, пацешкі

      далёкіх дзіцячых гадоў.

      Мае беларускія сцежкі —

      дзе водар жытнёвых палёў,

      дзе россып валошак на ўзмежках

      прыцягвае позірк здалёк.

      Мае беларускія сцежкі —

      дзе пошум спрадвечных лясоў,

      якія душу маю цешаць

      грыбамі сярод верасоў.

      Мае беларускія сцежкі —

      дзе Нёман у дзіўнай красе

      маўкліва, рупліва, няспешкі

      да Балтыкі воды нясе.

      Мае беларускія сцежкі —

      дзе першых спатканняў цяпло

      гадзінай растайнай паспешна

      кудысьці нябачна сышло.

      Мае беларускія сцежкі —

      дзе доўга да шчасця ішоў

      і, мабыць, найлепшую з лепшых

      зусім неспадзеўкі знайшоў.

      Мае беларускія сцежкі —

      дзе чэрпаюць сілы свае,

      гуляючы ў хованкі, снежкі,

      вясёлыя ўнукі мае.

      Мае беларускія сцежкі —

      дзе ў парку сталічным штодня

      рабіў ранкам з сябрам прабежкі,

      самоту з душы праганяў.

      Мае беларускія сцежкі —

      дзе вольна і лёгка наўздзіў.

      Удзячны я Богу, што пешкі

      па іх не адзін год хадзіў.

      Мае беларускія сцежкі —

      Радзімы маёй берагі,

      мае пуцяводныя вешкі —

      няма больш за вас дарагіх!

      «Калі чытаю весткі хронік…»

      Калі чытаю весткі хронік

      пра наш гарачы, тлумны час,

      сціскае скруха болем скроні,

      і з сумам думаю не раз:

      хіба ж калісьці не з трывогай

      і продкі нашыя жылі? —

      яны не менш прасілі ў Бога

      спакою, міру на зямлі.

      Планету нашу д'яблы дзеляць —

      так з году ў год, так з веку ў век.

      Нясе крыж страху і надзеі

      звычайны, просты чалавек.

      Наш час не горшы і не лепшы,

      як і раней, ён б'е пад дых,

      ён забівае і калечыць

      людзей нявінных і слабых.

      І ўсё ж не гасне ў сэрцы вера,

      што прыйдзе той жаданы час,

      калі Гасподзь у тлуме шэрым

      у рэшце рэшт пачуе нас.

      «Ні Хатынь, ні Хірасіма…»

      Ні Хатынь, ні Хірасіма

      не навучылі мірна жыць:

      як у слоту ліст асіны,

      зямля ад выбухаў дрыжыць.

      Не змяніла ні на йоту

      шлях чалавецтва і Сангмі:

      зноў паўсюль чуваць грымоты,

      зноў войны-бойні між людзьмі.

      Смерць палюе днём і ноччу

      па планах псеўдазмагароў:

      ім нажыва засціць вочы —

      таму цячэ ракою кроў.

      Бачым: гора болей стала,

      і цяжка Бога зразумець:

      як дазволіў цемрашалам

      злачынны куш ад войнаў мець?

      «Хопіць войнаў!» – просіць сэрца,

      чую крык яго я штодня:

      «Хопіць, злыдні,

Скачать книгу